"ultima ratio"

Падарожжа на Крулеўшчыну: замалёўкі і рэфлексія

пят, 12/30/2016 - 20:15

26-27 снежня 2016 года Фаланстэр наведаў аграгарадок Крулеўшчына, што ў Докшчыцкім раёне Віцебскай вобласці. У Вікіфікацыі паўдзельнічалі школьнікі і настаўнікі, усяго 9 чалавек.

Постапакаліптычнае неба, бывай! – падумалі вікіпедысты, загрузіўшыся ў цягнік з Глыбокага на Крулеўшчыну. На фінальнай чыгуначнай станцыі апынулася ў тры разы больш ветру, чым у Глыбокім, і амаль не было людзей.

Кіраваліся ў школу аграгарадка, дзе 26-27 снежня былі канікулы, як і ў іншыя дні. Частка школьнікаў з’ехала на экскурсію ў сталіцу, а чацьвёра падлеткаў, два настаўнікі і завуч наважыліся прайсці праз вікіфікацыю, у другі дзень далучылася яшчэ 3 студэнты сярэдняй школы Крулеўшчыны.

Задача на сёння – патлумачыць асновы карыстання вікі-тэхналогіяй і распавесці пра супольнасць. Тыя, хто створыць найлепшыя тэксты і будзе працаваць са свайго акаунта наступныя тры месяцы, атрымаюць запрашэнні на летні злёт вікіпедыстаў.

У Вікіпедыі ўсё ёсць

Але аб чым напісаць? 
- Ужо ўсё ёсць, – адказваюць школьнікі.
Але не ўсё: у нас  120 тысяч артыкулаў у беларускай версіі на версіі з афіцыйным правапісам і на тарашкевіцы 60 тысяч. Для параўнання: ва ўкраінскай версіі 670 тысяч тэкстаў, у шведскай - амаль 4 мільёны.

Пры тым, што ў Вікіпедыі ўсё ёсць, артыкула пра Крулеўшчыну, на іх думку, няма. Праверка паказала, што гэта не так: тэкст створаны аж на 4 мовах.

Хто галоўны?

Пытанні, заканамернае для школы – часткі вертыкальнай структуры – задалі завуч і адзін з настаўнікаў: хто правярае ўсю гэту інфармацыю? Ці ёсць у Вікіпедыі галоўны рэдактар?

Ёсць тэхнічны аператар Вікімедыя – некамерцыйная арганізацыя, якая знаходзіцца ў ЗША. Што тычыцца кантэнта – вас правераць толькі іншыя карыстальнікі, – кажа Міхаіл Волчак з “Фаланстэра”.

Што можа быць базісам для Вікіпедыі?

Часам удзельнікі выпадалі з камунікацыі, і гэта ілюстрацыя тыповай праблемы беларускіх школ: адсутнасць моўнага асяродку, валоданне мовай на ўзроўні аўтаперакладчыкаў.

Ці магчымая ўвогуле беларуская школа і… беларуская Вікіпедыя ў ёй? З улікам таго, што глеба для энцыклапедыі – беларуская культура, гісторыя і ІТ.

З тэхналогіямі таксама не ідэальна: можна не казаць пра міргаючыя маніторы, але няведанне гарачых ctrl+c / ctrl+v ды іншыя дробязі паказваюць камп’ютарную бязграматнасць.

Адно што гісторыя: ідэя напісаць аб сваім мястэчку спадабалася ўсім. Школьнікі радасна пайшлі фатаграфаваць малую радзіму па мокрым снезе з пагрозай дажджу і паводзілі сябе як мае быць: чым менш вакол было настаўнікаў, тым ахвотней цікавіліся навакольным светам.

Калі прыязджае мала гасцей

З іншага боку, самі настаўнікі не разумелі, як ставіцца да гасцей з Мінску, бо самыя частыя госці тут праверкі: сустрэў дырэктар, частку часу правяла на сустрэчы завуч. Кантроль ёсць, каб нічога не адбылося.

Праз нейкі час разняволіліся не толькі дзеці, але і дарослыя:

- Можно я заберу ребёночка на репетицию? – зазірнула жанчына.
- Не, нельга, заняткі.

Спіс тэкстаў

  1. Мода Лаліта (створаны)
  2. Аграгарадок Крулеўшчына (дапоўнены)
  3. Вёска Варганы (дапоўнены)
  4. Анімэ (дапоўнены)
  5. Царква Праабражэння Гасподняга, Порплішча (дапоўнены)
  6. Сярэдняя школа, Крулеўшчына (створаны)
  7. Джэймі Вардзі (дапоўнены)
  8. Культавыя камяні і святыні Докшчыччыны ‎(створаны)

Працяг – у Здзітава і абласных гарадах

Сустрэча доўжылася два дні. Напрыканцы аўторка дапісалі тэксты, мы раздалі падарункі і, прабіраючыся па цёмных калідорах школы, сыйшлі ў снягі.

Падарожжы «Фаланстэра» працягнуцца. Наступнай кропкай напачатку 2017 года зробіцца аграгарадок Здзітава ў Бярозаўскім раёне, пасля пройдзе “Мова Нанова”-тур з паўтарагадзінавымі лекцыямі ў абласных гарадах – Гародні, Брэсце, Віцебску і Магілёве.
 

Аўтарка: Ганна Валынец

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.