"ultima ratio"

Прафесіяналізацыя і ідэнтычнасць

пят, 12/14/2018 - 22:30

Апошнія некалькі месяцаў мы робім стратэгічнае планаванне ў арганізацыі. Яно адбываецца, як на сустрэчах у рэале, так і на нашых анлайн-пляцоўках. Пра колькасць выяўленых праблем можна пісаць шмат, у гэтым допісе засяроджу ўвагу на прафесіяналізацыі і ідэнтычнасці. 

Валанцёрства як ідэнтычнасць

Мы - валанцёрская арганізацыя, значыць, што задачы плануюць і выконваюць валанцёры. Ёсць валанцёры, якія ў арганізацыі з самага пачатку, а ёсць, тыя, якія прыходзяць і сыходзяць. 

Тыя, што прыходзяць і сыходзяць бываюць кароткатэрміновыя да 4-х месяцаў, доўгатэрміновыя - 6 і болей месяцаў (звычайна гэта каля году і больш).

Мы - таксама каштоўнасная арганізацыія. Мы абіраем партнёраў і валанцёраў, таксама накірункі дзейнасці, базуючыся на адрэфлексаваных намі каштоўнасцях.

Праца з валанцёрамі дасягнула пэўнага выніка. Мы маем пастаянны прыход валанцёраў. Адзінкі застаюцца на 6 і больш месяцаў - гэта стварае нейкую магчымасць рэалізоўваць больш устойлівыя і значныя задумы.

Мы развіваемся і хочам планаваць не толькі на год, але і большы час, бо нашы актыўнасці і задумы даўно выйшлі за межы 1-2 гады. Вось тут узнікаюць пытанні.

Мноствы не перасякаюцца

Часта валанцёры, якія плануюць дзейнасць, і якія выконваюць “не перасякаюцца”. Можа быць, як мінімум дзве асноўныя прычыны: 

  1. доўгатэрміновыя валанцёры не жадаюць займацца мэнэджэнтам, а
  2. каротка тэрміновыя валанцёры выпадаюць, калі час падыходзіць да справы. 

Увядзенне новых валанцёраў (яны, як правіла, найбольш актыўныя) у тэму займае вялікую колькасць часу і часта змяняецца запланаваная мэта, бо рэсурс адцягваецца на іншае. Часта гэта іншае больш адпавядае імгненным патрэбам навічкоў, а бывалыя, каб захаваць “дэмакратычны складнік” (або адкрытасць да “новага”), ідуць на повадзе за імі.

Тут іншае пытанне, чаму доўгатэрміновыя валанцёры, якія, падаецца, прысвяцілі шмат часу ўдзелу ў арганізацыі, не цікава кіраваць ёю? Канешне, не ўсім цікава і дадзена кіраваць, але часам сумесны ўдзел дае магчымасць найбольш устойліва вызначыцца з мэтамі і адаптавацца да знешніх выклікаў. Тым больш у эпоху лічбавых тэхналогій - гэта калектыўна зрабіць прасцей.

Хто ж такі "валанцёр"?

Адразу скажу, што я больш схільны да прыняцця і разгляду валанцёрства  доўгатэрміновага. Пры такім падыходзе новы ўдзельнік або ўдзельніца самавызначаюцца ў камандзе арганізацыі і глыбока пагружаюцца ў абраную дзейнасць. Такім чынам, хаця валанцёрства добраахвотная справа, яна нараджае устойлівае разуменне сваіх правамоцтваў і саўдзелу ў агульнай справе, а таксама дасягненні мэтаў арганізацыі (калектыва, групы, каманды). 

Як прыклад, валанцёры, якія вызвалялі Венесуэлу на чале з Баліварам, ірландскія валанцёры, якія супрацьстаялі брытанскай імперыі з 18 да 20 стагоддзя, або валанцёры, якія вызвалялі Кубу ад дыктатуры Батысты. Гэтыя валанцёры дакладна разумелі мэту сваёй дзейнасці і яе вынік, які рэалізоўваўся ў каштоўнасці незалежнасці і або аўтаномнасці пэўнай супольнасці.

Існуе і зараз найбольш распаўсбджана валанцёрства на кароткі прамежак часу, нават на адну падзею. Хаця і яно патрэбна, але мае адзін значны слабы момант для самога валанцёра. Кароткатэрміновы валанцёр - гэта хутчэй хуткая і бясплатная працоўная сіла. Чаму?  

Таму што за кароткі час малаверагодна стаць суб’ектам - паўнавартасным удзельнікам арганізацыі (каманды, групы). Адсюль і вынікае экстэнсіўная мадэль кіравання такімі валанцёрамі: максімальная экплуатацыя (выканаў задачу - вольны), спецыялізацыя (адна задача, вузкі накірунак) і атамізаванасць (вертыкальныя камунікацыі), прадвызначанасць сцэнару (творчасць толькі на аперацыйным узроўні, або наогул адсутнічае).

Прывяду сваё вызначэнне валанцёра.

Валанцёр - гэта добраахвотны паўнавартасны чалец каманды арганізацыі, які самавызначыўся як яе частка, падзяляе каштоўнасці, умее адкрыта іх абмеркоўваць і рэпрезентаваць арганізацыю пры ўзаемадзейнні са знешнім асяродкам, мае абазначаны набор правамоцтваў і ўдзельнічае ў арганізацыі на працягу часу,  неабходнага для паспяховага вырашэння пастаўленых задач.

Куды рухацца

Вернемся да сённяшняй сітуацыі ў Фаланстэры. Прывяду некалькі варыянтаў куды можна рухацца пры стратэгічнам планаванні развіцця нашай ідэнтычнасці.

Магчыма сістэма самавызначэння для новых валанцёраў патрабуе большай наладкі, каб час на пракачку новага ўдзельніка, вяртаўся ў патрэбны момант, дзе яго веды і навыкі найбольш актуальныя.

Магчыма нам варта шукаць сродкі на прафесіяналізацыю, каб стварыць устойлівы аплочваемы персанал (са сталых валанцёраў?). Разам з тым нам трэба пераглядзець пазіцыянаванне арганізацыі, наогул, механізм, як усё ж такі будуць прымацца рашэнні ў новай сітацыі.

Гэтыя дзве магчымасці можна і варта спалучыць. Тым больш ужо маюцца сусветныя і прыклады, якія нас натхняюць. Адзін з іх пабудова і праца сусветнай вікі-супольнасці.

 

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.