"docendo discimus"

Вікі-адукацыя на факультэце Радыёфізікі, БДУ, 2016

аўт, 01/17/2017 - 19:15

На працягу восеньскага семестру 2016 года я, асістэнт Света Ермаковіч, замест рэфератаў давала студэнтам заданні па рэдагаванню Беларускай Вікіпедыі ў межах лабараторных работ па агульнай фізіцы.

У эксперыменце прынялі ўдзел 12 студэнтаў 1 курсу па тэме “Механіка” і 24 студэнта 3 курсу па тэме “Атамная фізіка”. Усяго 36 чалавек. 34 чалавекі працавалі з Беларускай Вікіпедыяй, 1 з праектам ВікіДадзеныя, і 1 з Рускай Вікіпедыяй (апошнія 2 чалавекі - іншамоўныя студэнты).

Чаму не рэферат?

Звычайным самастойным заданнем для студэнтаў па-за выкананнем саміх лабараторных работ з’яўляецца напісанне рэфератаў на адну з прапанаваных тэмаў. Тэмы рэфератаў звычайна прапаноўваюцца і могуць не змяняцца некалькі год. Як я часта жартую: “У лепшым выпадку рэферат прачытаюць два чалавекі (студэнт, які яго піша, і выкладчык, які правярае), а ў горшым - ніводнага.”

А яшчэ цікавы момант - некаторыя студэнты ніколі не пісалі рэфераты. 2-3 чалавекі гэта дакладна адзначылі.
 

Як уціснуць майстар-клас па Вікіпедыі ў шчыльны расклад студанта?

Гэтае пытанне непакоіла мяне з самага пачатку, таму што пакоі для лабараторных работ не прызначаныя да майстар-класу: на сталах змяшчаюцца прыборы для эксперыментаў, няма кампьютараў, стан інтэрнэта незразумелы (студэнты падлучаюцца да вайфаю, але ен кепска працуе, мабільны інтэрнэт паказвае “edge”, бо мы ў Рошчы, і старонкі грузяцца праз раз).

Выйсцем было выкарыстанне рабочага часу адной з лабараторных прац (у сярэдзіне курса ці перадапошняя) і заданне прынесці ноўтбук на майстар-клас (дастаткова было 1 ноута на некалькі чалавек). Калі-некалі я прыносіла свой ноўт і раздавала інтэрнэт з мабілы.

Усе студэнты дзялісія на 5 груп: 1 група па “Механіцы” і 4 групы па “Атамнай Фізіцы”. Я праводзіла асобны майстар-клас для 4 груп.

Адна група не сабралася на майстар-клас, бо ім паставілі іншыя заняткі ў гэты ж час. Для іх майстар-клас быў апошнім, і таму, магчыма, яны не лічылі неабходным прыйсці на яго абавязкова. З гэтай нагоды ў іншых групах майстар-клас быў пастаўлены не на апошні занятак. А таксама для таго, каб студэнты маглі задаць пытанні па Вікіпедыі пры сустрэчы.
 

Якое даць заданне студэнтам і што казаць на майстар-класе?

Мая мэта даваць студэнтам заданні ў Вікіпедыі мела шэраг падстаў:

  • Не хацелася губляць час на не эфектыўныя, на мой погляд, рэфераты.
  • Хацелася навучыць студэнтаў сучаснай вікі-тэхналогіі, прынцыпам камунікацыі ў супольнасці.
  • Даць ім магчымасць адразу прымяніць сябе ў практычным заданні - дадаванні рэальнага матэрыялу, які дасяжны людзям. Узяць адказнасць за свае дзеянні.
  • Рукамі студэнтаў павялічыць кантэнт на беларускай мове і па фізічных тэмах, чаго не стае ў Вікіпедыі.
  • Сканцэнтраваць увагу на перавагах свабодных прынцыпаў: любы можа стаць рэдактарам, і створаны кантэтн з’яўляецца свабодным.

Зыходзячы з іх заданне заключалася ў дадаванні некалькіх абзацаў тэксту (для 1 курса - 3 абзацы, для 3-га - 2, што залежала ад колькасці гадзін на самастойную працу). Таксама абавязкова было дадаць зноскі на крыніцы інфармацыі, сінія і чырвоныя спасылкі і запоўніць старонку пра сябе.

Працягласць майстар-класа была прыкладна адна гадзіна.

Я распавядала :

  • Што такое Вікіпедыя.
  • Мы абмяркоўвалі, што студэнты ўжо ведаюць пра Вікіпедыю.
  • Асноўныя прынцыпы - слупы Вікіпедыі.
  • Што такое вікі-супольнасць і як камунікаваць з іншымі вікі-рэдактарамі.
  • Больш падрабязна тлумачыла заданне.

Пад час расповяду, мы хадзілі па старонках Вікіпедыі, глядзелі артыкулы, іх гісторыю, форум, профілі асобных рэдактараў, - тое, да чаго можа не дабрацца рука студэнта, калі ён(яна) вывучаюць Вікіпедыю самастойна.

Пасля майстар-класу было першае заданне для студантаў - зарэгістравацца ў Вікіпедыі і напісаць мне свой нік. Такім чынам, па вікі-ніку я магла адсачыць дзеянні кожнага студэнта(кі).
 

Як адсочваць прагрэс рэдагаванняў?

Для таго, каб сачыць за рэдагаваннямі студэнтаў, былі разгорнуты пляцоўкі ў маім чарнавіку, куды я дадала спіс вікі-нікаў: па “Механіцы”, па “Атамнай фізіцы”. А таксама на адукацыйным модулі: па “Механіцы”, па “Атамнай фізіцы”.

Трэба сказаць, што для таго, каб працаваць з аду-модулем мы ў Фаланстэры з дапамогай некалькіх вікіпедыстаў пераклалі яго інтэрфейс на беларускую мову.

Першапачаткова не было мэты дубляваць студэнтаў у двух месцах: старонка ў чарнавіку была створана пакуль перакладаўся модуль. А потым, калі пачала працаваць з аду-модулем, выявілася, што ён не адразу падхоплівае змены і рэдагаванні, а праз нейкі час. Гэты момант быў крытычны падчас канца семестру, калі студэнты актывізаваліся і рабілі шмат правак. Таксама, у ім незручна адсочваць студэнтаў у іншых вікі-праектах.

Для невікіпедыстаў пазначу, што кожная праўка ў Вікіпедыі запісваецца і таму можна праглядзець уклад кожнага ўдзельніка (розніцу паміж тым, што было, і тым, што стала). Такім чынам, я магла зайсці на профіль кожнага студэнта і прагледзець яго(яе) праўкі (У Аду-модулі, напрыклад, імёны ўдзельнікаў адразу вялі на яго(яе) ўклад).
 

Як камунікаваць са студэнтам(кай) падчас задання і запрасіць яго(яе) на залік?

Як я пісала вышэй, майстар-клас адбываўся не на апошнім занятку, і таму ў тых, хто пачаў выконваць заданне была магчымасць задаць пытанне на лабараторных работах. Але далей камунікацыя пераходзіла ў анлайн.

У Вікіпедыі на старонцы кожнага ўдзельніка ёсць старонка “Размовы”, якая створана, каб камунікаваць з асобай. Уся камунікацыя анлайн адбывалася на гэтай старонцы. У кожнага ўдзельніка - на сваёй.

Пасля таго як студэнт(ка) зарэгіўся ў Вікіпедыі я дадавала заданне на яго(яе) старонку размоваў яшчэ раз, каб у запісаным выглядзе яно заўсёды было перад вачыма. Таксама дадавала спасылку на Вікі-дапаможнік, які мы краўдсорсінгава стваралі ў Фаланстэры ў прошлым годзе (У ім можна было падрабязней даведацца пра шмат дэталяў, правілаў, тонкасцяў Вікіпедыі).

Далей я перыядычна праглядвала ўклад кожнага ўдзельніка прыкладна раз на тыдзень, пачынаючы з верасня, а ў снежні - раз на некалькі дзён. Як толькі студэнт(ка) штосьці дадаваў, я каментавала яго(яе) дзеянні на старонцы размоваў. Калі студэнт выканаў усё заданне згодна маіх каментарах, я пісала, што “заданне выканана” і калі можна прыходзіць па залік.

З большага, камунікацыя была аднабаковая: я пісала студэнту(ке), ен(яна) не адказвалі, але рабілі праўкі згодна маім заўвагам. Па словах студэнтаў, некаторыя хацелі адказаць, але не здагадаліся як. Некаторыя рабяты навучыліся адказваць і ў нас атрымаўся дыялог.

Вось тут прыклад камунікацыі з адным студэнтам.
 

Дынаміка рэдагаванняў на працягу семестра

Хаця самі лабараторныя работы доўжыліся меньш за 2 месяцы і праходзілі ў розных груп у розны час, на пачатак снежня толькі 2 чалавека зрабілі заданне з курса “Механікі” і 1 чалавек з курса “Атамнай фізікі”. 26 снежня 35 чалавек выканалі заданне.

Каля паловы рабят дадавалі інфармацыю павольна, напрыклад, спачатку тэкст, потым праз тыдзень - крыніцы, яшчэ праз тыдзень спасылкі. Шмат каму было не зразумела, як зрабіць зноскі на спасылкі, ці проста спасылкі на словы. Калі я бачыла - спрабавала даць наводку, як зрабіць правільна, але прамы адказ не давала.

Яшчэ каля паловы рабят спраўляліся з 1-2 разоў (правак).

Некаторыя (каля 3 чалавек) прышлі з ноўтам на залік і дароблівалі тое, што не зразумелі і не здагадаліся як запытаць у Вікіпедыі.
 

Колькасныя і якасныя вынікі для Вікіпедыі

38,7 Кбайт тэксту было дададзена ў асноўную прастору Вікіпедыі - па “Механіцы”. Прыкладна 3,5 на кожнага ўдзельніка, што складае крыху больш за 3 абзацы тэксту сярэдняга памеру.

169 Кбайт тэксту ў асноўную прастору Вікіпедыі, 21,5 Кбайт - у чарнавікі (2 асобніка) - па “Атамнай фізіцы”. Прыкладна 8,45 на кожнага, што амаль у 3 разы больш запланаванага.

У той жа час паказчык колькасці не столькі важны як паказчык якасці. Беларуская мова шмат у каго з удзельнікаў кульгае, і частка студэнтаў выкарыстоўвала аўтапераклад, а частка - перакладала самастойна, але таксама не без памылак.

Для паляпшэння якасці я прапаноўвала ўдзельнікам правяраць правапіс праз рэсурс Добрапіс, і ўважліва перачытваць свой тэкст. Тым не менш вікі-рэдактары перанеслі 2 артыкулы ў чарнавікі карыстальнікаў, таму што якасць была зусім кепская.

Прыклад: такі быў артыкул аднаго студэнта, калі яго перанеслі ў чарнавік. І вось дапрацаваны варыянт.
 

Падсумаванне: плюсы, мінусы і падводныя камяні

У яксці выніку падсумую ўсе напісанае і дадам заўвагі.

Плюсы:

  • Эксперымент з Вікіпедыяй ў межах курса лабараторных работ адбыўся паспяхова. Акрамя майго досведу досвед Фаланстэра паццвердзіў, што ўжо пачынаючы з 6 класа можна навучыць чалавека рэдагаваць Вікіпедыю.
  • Заданне было не вельмі складаным і адбылася правакацыя: удзельнікі дадалі нават больш тэксту, чым чакалася.
  • Удзельнікі засвоілі працу з крыніцамі, зноскамі і спасылкамі Вікіпедыі і даведаліся крыху больш пра праект і супольнасць.
  • Лепш і хутшэй за ўсе справіліся з заданнем рабяты, ад якіх не было ніякіх звышактыўнасцяў і зверхчаканняў. І нават тыя, хто выказваў сумневы наконт сваёй здольнасці справіцца з заданнем і выкарыстоўваць беларускую мову.
  • Некалькі майстар-класаў у разных групах дазволілі палепшыць кожны наступны майстар-клас, улічваючы хібы паярэдніх. Таксама дазволілі назіраць розныя сцэнары працы з Вікіпедыяй.

Мінусы:

  • Цяжка было нават за гадзіну паспець распавесці ўсё самае цікавае пра Вікіпедыю. Забылася спачатку пра некаторыя моманты: напрыклад, першай групе не расказала, што крыніцы не трэба перакладаць на беларускую мову.
  • Не ва ўсіх групах падрабязна расказала пра само заданне і што трэба зрабіць.
  • Кепска распавяла, як трэба камунікаваць на старонцы “Размовы” і там толькі некалькі ўдзельнікаў здагадаліся, як адказваць.
  • Як і ў любой удаленай анлайн тулсе - нельга быць упэўненым, што чалавек пад нейкім нікам з’яўляецца тым, за каго сябе выдае.
  • Нельга праверыць, ці падвысіліся веды па фізіцы ў рабят пасля дадання матэрыялаў у Вікіпедыю.

Падводныя камяні:

  • Падчас дадавання ўдзельнікамі матэрыялаў у Вікіпедыю іншыя рэдактары таксама ўдзельнічалі ў працэсе. Некаторыя проста выпраўлялі памылкі. Адзін з рэдактараў, Дзяніс Тутэйшы, уступіў у прамую камунікацыю, як са мной так і са студэнтамі. Ен напісаў мне хібы ў студэнцкіх рэдагаваннях, і асабіста некаторым з іх пісаў, што трэба змяніць ці палепшыць.
  • Акаўнт аднаго з ўдзельнікаў заблакавалі: ён хацеў дадаць рускамоўны тэкст а потым у працэсе яго перакласці, му напісалі, што артыкул будзе ўдалены. На што ён груба адказаў вікі-рэдактару, які да яго звярнуўся. Студэнт стварыў новы акаўнт.
  • Заданне было абавязковым для студэнтаў. І тут цікавы момант: з аднога боку - Вікіпедыю рэдагуюць людзі па свабоднаму жаданню, а з другога прапанова “выканаць заданне ў Вікіпедыі” не пад прымусам - не спрацавала.
  • Даволі шмат часу сыходзіць на праверку студэнцкіх заданняў і камунікацыю на старонцы “Размовы”.
     

Ідэі для паляпшэння працы ў Вікіпедыі

  • Пасля задання, можна на заліку, папрасіць студэнтаў запоўніць анкеты з адваротнай сувяззю (магчыма, папяровую анкету).
  • Аўтаматызаваць камунікацыю са студэнтамі праз боты.
  • Арганізаваць пірангавую праверку, калі кожны правярае кожнага. Тут трэба яшчэ дадумаць, як стымуляваць студэнтаў зрабіць якасную праверку.
  • Пасумаўляцца з іншымі выкладчыкамі факультэта, якія выкладаюць на беларускай мове.
  • Назначаць больш жорсткія дэдлайны для здачы задання раней, а не ў канцы семестру.
  • У першай вітальнай рэпліцы дадаць больш карысных спасылак. У тым ліку пазначыць, што камунікаваць можна на маёй старонцы "Размоваў". Зрабіць спасылку на яе.
  • Рабіць абвестку, што можна прыходзіць на нефармальныя вікі-сустрэчы ў Фаланстэр, ці ў нейкае кафэ на працягу семестра.


Аўтар тэкста і фота: Света Ермаковіч