"magnum opus"

Вікі-асалода міжнароднай супрацы

чцв, 12/25/2014 - 00:30

Сустрэча вікіпедыстаў цэнтральнай і ўсходняй Еўропы адбылася 19-21 снежня ў Кіеве. У цёплай атмасферы абменьваліся вікі-досведам і будавалі планы сумесных праектаў. Каманда Фаланстэра распавяла пра сваі ідэі працы з Вікіпедыяй. 

Вікі-сустрэча адбывалася ў свабодных пакоях і лекцыйных памяшканнях Кіеўскага лінгвістычнага ўніверсітэту, які знешне нагадваў беларускую нацыянальную бібліятэку. Проста, але шчыра. Асаф Бартаў, прадстаўнік сусветнай Wikimedia Foundation, параіў удзельнікам больш камунікаваць і атрымліваць вікі-асалоду. Не ведаеш, што спытаць? Пачні з “Якім было тваё першае рэдагаванне?”

Насычаная праграмма сустрэчы чаргавалася з нэтворкінгам на перапынках. Гарачымі тэмамі былі: вікі-экспедыцыі ды вікі-летнікі, свабода панарамы, PR у медыя, адукацыйныя праграммы, пытанні фінансавання, заахвочвання валантэраў і актывістаў, абмеркаванні праблемных пытанняў, конкурсы “Вікі любіць памятнікі” і “Вікі любіць Зямлю” ды іншыя.

Прадстаўнікі розных краінаў распавядалі пра свае дасягненні, праекты і планы, адкрыта дзяліліся досведам. 

Сюзанна Мкртчан з Арменіі прасунула сваімі сіламі свабоду панарамы ў заканадаўства і ладзіць вікі-летнікі для школьнікаў. 

Вассія Атанасава з Балгарыі паведаміла, што ў іх краіне можна атрымаць штраф за сэлфі на фоне будынка, і прэзентавала досвед навучання студэнтаў ў Вікіпедыі. 

Эстонец Каарэл Вайдла прывёў статыстыку пра поспехі ды няўдачы Вікі-адукацыі ў Эстоніі. Цікавы факт: калі каардынацыяй праекту ва ўніверсітэтах займаўся валанцёр, то ў выніку былі напісаны 900 артыкулаў пры ўдзеле каля 200 студэнтаў на год. Калі ж у школах эстонскі урад змарнаваў 27.000 еўра на адмыслоўцаў, у выніку атрымалася каля 30 артыкулаў з удзелам 6 студэнтаў. 

Украінскія вікіпедысты зладзілі выставу фотаздымкаў, якія перамаглі ў конкурсах “Вікі любіць Зямлю” і “Вікі любіць памятнікі”. І гэта толькі вяршыня айсберга.

Гарачая дыскусія адбылася і адносна беларускіх Вікіпедый на сесіі “Як арганізаваць майстар-клас”. Томаш Бладынец, паляк, які цікавіцца беларускай гісторыяй больш за некаторых беларусаў, эпічна распавёў пра стан Вікіпедый: менш за 30% жыхароў ужывае беларускую мову на 2009, каля 2% беларусаў чытае беларускую Вікіпедыю; а таксама пра досвед арганізацыі майстэр-класаў беларускай Вікіпедыі.

У супрацьлегласць, дзявочая каманда ў складзе Ганкі Барадзіной і Святланы Ермаковіч ад Фаланстэра зрабілі прэзентацыю пазітыўнага досведу працы і падзяліліся ідэямі Вікіфікацыі, распаўсюду вікі-актыўнасцяў у Беларусі.

Цягам міжнароднай сустрэчы ўдзельнікам прыйшла ў галаву свежая ідэя - зладзіць конкурс “Вікі Вясна”, мэта якога - усю вясну 2015 пісаць артыкулы ў моўныя версіі сваёй краіны пра іншыя краіны цэнтральнай і ўсходняй Еўропы ды на пэўныя тэматыкі. Усе артыкулы, напісаныя падчас веснавога Вікі-флэшмобу, будуць удзельнічаць у конкурсе. У чэрвені плануецца сустрэча арганізатараў і пераможцаў для падвядзення высноваў.

Трэба адзначыць, што амаль ўсё тэмы, якія падымаліся, паралельна былі заканспектаваны ў віртуальныя нататнікі, і на прыканцы сустрэчы адбыўся мазгавы штурм ідэй сумеснай міжнароднай супрацы: святкаванне юбілею кірылічнага алфавіта, вікі-экспедыцыі па тэрыторыі былой Аўстра-Венгрыі, польска-беларускі вікі-кэмп для моладзі і іншыя. Самы час пачаць працаваць над іх здзяйсненнем!

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.