"cogitandum et agendum"

Вікі-спакусанія, або чаму мы езділі на Вікіманію

пят, 07/08/2016 - 12:30

Падчас Дванаццатай Вікіманіі 21—27 чэрвеня, якая адбывалася ў італьянскім гарадку Эзіна Ларыя, вікі-актывісты з Фаланстэра дзяліліся ведамі і натхніліся новымі праектамі.

Як трапіць на Вікіманію?

Штогод на Вікіманію збіраюцца больш за 1000 чалавек. Гэта актыўныя вікіпедысты і актывісты свабоднай культуры і праграмнага забеспячэння: тыя, хто дадаюць тэксты, фоты, выпраўляюць памылкі ў Вікіпедыі або ствараюць праграмы для развіцця такіх праектаў як Вікідадзеныя, Вікікрыніцы, Вікінавіны.

Любы чалавек, які цікавіцца тэмай, можа распачаць сваю актыўнасць і наведваць такія мерапрыемствы. А той, хто зробіць больш за 1200 рэдагаванняў у Вікіпедыі і будзе актыўным удзельнікам супольнасці, можа атрымаць стыпендыю ад фонду Вікімедыя на наступны год.

Што адбываецца на Вікіманіі?

Тут паралельна разгортваюцца дыскусіі, лекцыі, майстар-класы, хакатоны і мітапы. Падымаецца не толькі тэма Вікіпедыі, але і сумежныя і блізкія тэмы: свабодных ліцэнзій, капірайту, свабодных графічных прылад, адкрытых карт, цэнзуры і прыватнасці.

Карыснымі для фаланстэраўцаў былі практычныя майстар-класы:

  • Па стварэнні вікіботаў.
  • Па стварэнні невялікіх тлумачальных відэа (тое, што ў нас атрымалася).
  • Па працы з Open Street Map.
  • Па працы з SVG (прыклад дынамічнага SVG).

Дыскусіі часта служаць матывам для працягу наступнай размовы. Вядомы фармат лекцыі дазваляе пазнаёміцца з досведам іншых Вікіпедый і таксама задаць пытанні.

У любы момант можна выбраць забаўляльны фармат і пайсці на экскурсію па ваколіцах ці атрымліваць асалоду ад краявіду.

Што рабілі фаланстэраўцы?

Самы важны момант на такой вялікай канферэнцыі — добра пакамунікаваць з цікавымі людзьмі і не распыліць сілы, бо спакусаў дзясяткі.

Атрымалася плённа пакамунікаваць:

  • з польскім вікіпедыстамі на тэму стварэння і перакладу шаблонаў (магчыма звяртацца за дадатковымі кансультацыямі),
  • з грэкам па праекце праверкі артыкулаў wikicheck (так званы вікібраўзер, працуе толькі пад MS Windows),
  • са шматлікімі нямецкімі вікіпедыстамі (наконт будучага абмену і стажыровак у нямецкую вікі) і пра майстар-класы па рэдагаванні Вікіпедыі для старых людзей, пра асобны праект дадання аўдыёагучкі да артыкулаў, пра развіцце канферэнцыі Вікіманія далей (каб тэмы, якія падымаюцца на Вікіманіі, не паўтараліся, а развіваліся),
  • з каталонцам пра культурныя выклікі, якія адлюстроўваюцца ў беларускай і каталонскай Вікіпедыях,
  • з украінцамі пра магчымыя сустрэчы і майстар-класы ці на іх ці на нашай тэрыторыі (бліжэйшая магчыма ў лістападзе гэтага года).

Яшчэ адзін важны вынік — загадзя рыхтавацца да такіх вялікіх падзей. Бо самае цікавае пачынае адбывацца на працягу месяцаў да самой канферэнцыі: узнікненне тэмы, абмеркаванне, цікавасць да яе, пытанні і адказы. І тады на самой імпрэзе паднятае пытанне ў праграме будзе мець поспех.

Што пасля?

Фаланстэр працягне паездкі ў малыя гарады і вёскі з Вікіфікацыяй, будзем ладзіць невялічкія праекты з суседзямі: запрашаць вікі-актывістаў да сябе ці ездзіць у госці ці на майстар-класы. У наступным годзе есць ідэя зладзіць лагер для самых актыўных маладых вікіпедыстаў, якія далучыліся да рэдагавання ў часе нашых майстар-класаў.

Больш фота з Вікіманіі 2016 на Commons.

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.