ВікіАпытанне. Вынікі і аналіз
На працягу лістапада і снежня Фаланстэр праводзіў апытанне “Як зрабіць Беларускую Вікіпедыю* больш цікавай і ўжывальнай?”. 188 чалавек узялі ўдзел па стане на 2 студзеня 2015.
Каля 75% удзельнікаў склала моладзь, людзі ўзростам ад 18 да 35 год. Каля 66% ужываюць беларускую мову штодзённа, ці час ад часу, што сведчыць аб тым, што большасць апытаных маюць цікаваcць да развіцця беларускай мовы і ведаў на мове.
Ужываю беларускую мову і веды ...
На пытанне “Ці часта карыстаецеся беларускай Вікіпедыяй?” каля паловы апытаных (52%) адказалі, што карыстаюцца не радзей за месяц: з іх штодзень - 6% ад агульнай колькасці, кожны тыдзень - 20%, раз на месяц - 26%. 14% - не карыстаюцца наогул.
Ці часта карыстаецеся беларускай Вікіпедыяй?
У адказах на пытанне “Чаго не хапае беларускім Вікіпедыям?” высветлілі, што перш за ўсё не хапае ўжывальнасці беларускай мовы ў штодзённым жыцці (56%), на другім месцы ідуць адказы:
не хапае артыкулаў (53%) і актыўных ўдзельнікаў (51%). Кожны пяты лічыць, што для развіцця трэба арганізацыйная структура (19%), якая ёсць ў шматлікіх моўных раздзелах.
Чаго не хапае беларускім раздзелам Вікіпедыі, каб імі карысталіся часцей?
На запыт пералічыць, якіх менавіта артыкулаў не хапае, большасць адзначала не дакладныя назвы, а тэматыкі, з якіх першае месца - навуковы кірунак, з пералікам розных навук, мала разгорнутых у беларускай Вікіпедыі. Далей ідзе павольнае размеркаванне па тэмах гісторыі, геаграфіі Беларусі, іншых краін, культурніцкіх з’яў, падзей, асоб, і г.д.
З канкрэтных прапаноў па артыкулах: беларуская дэманалогія (расамаха, вужалка, гаёўкі), гурт dzidzio, музычныя прылады (акарына), ініцыятыва “Ежа замест бомб”. Было больш прапаноў, але некаторыя з іх ужо засведчаны ў беларускіх Вікіпедыях.
Аналагічна, запыт пералічыць арганізацыі, супольнасці, якім было б карысна выкарыстаць Вікіпедыю, выклікаў недакладнае разуменне. Большасць адзначыла кола грамадскіх устаноў і супольнасцяў, сярод якіх адукацыйныя ўстановы сабралі шмат галасоў. Сярод дакладных прапаноў апынуліся: Мова нанова, Будзьма беларусамі, праект Арт-Беларусь, Дзедзіч, ЛГБТК+, Навуковая бібліятэка БНТУ, Лурк, Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншыя.
Пытанне “Якім чынам вы гатовы ўдзельнічаць ў развіцці беларускай Вікіпедыі?” выявіла, што ёсць людзі і гатовыя пісаць артыкулы, і піарыць Вікіпедыю, і дадаваць фатаздымкі і ладзіць мерапрыемствы.
Якім чынам вы гатовы ўдзельнічаць ў развіцці беларускай Вікіпедыі?
У той жа час было прапанавана пазначыць, чаго не хапае ўдзельнікам (ведаў, навыкаў, і інш), каб больш актыўна развіваць вікіпедыйную супольнасць. Шчыры адказ - не хапае часу, жадання ці матывацыі - сустрэўся часцей за іншыя. Наступныя па значнасці - няведанне, як працаваць з Вікіпедыяй, кепскае валоданне беларускай мовай.
Зацікаўленым было прапанавана пазначыць кантакты для адваротнай сувязі. Кожны трэці ўдзельнік апытання пазначыў свае кантакты (61 рэспандэнт). Яны будуць выкарыстоўвацца Фаланстэрам з прапановай удзелу ў вікі-мерапрыемствах і распаўсюду тэматычнай інфармацыі.
Высновы, якія ужо можна зрабіць:
- Шмат удзельнікаў апытання не ведаюць, як працуе Вікіпедыя. Гэта датычыць не толькі вікі-разметцы (ды іншых тэхнічных складнікаў), але і самой ідэалогіі Вікіпедыі і яе як супольнасці. Такое няведанне тэхнічнага ды ідэйнага зместу можа прыводзіць да слабай матывацыі і зацікаўленасці ў актыўным развіцці раздзелаў.
- Вузкае выкарыстанне або няведанне беларускай мовы. Сітуацыя пагаршаецца тым, што шмат беларусаў, якія ведаюць мову, баяцца размаўляць або пісаць на ёй з памылкамі.
- Невысокая матываванасць патэнцыйных удзельнікаў укладаць час і сілы ў Вікіпедыю. Гэта перадусім выклік для вікіактывістаў, якія ўжо шмат часу з’яўляюцца актыўнымі рэдактарамі. Хто працягне справу?
- Маецца сур’ёзны недахоп інфармацыі пра невялікія, рэдкія або лакальныя з’явы, падзеі, асобаў. Удзельнікі апытання падкрэсліваюць, што ўстойлівым попытам могуць карыстацца артыкулы і інфармацыя, якія не маюць аналагаў у “вялікіх раздзелах” (англійскім або рускім).
Прапановы па вырашэнні сітуацыі:
- Удзельнікі апытання выказалі моцную патрэбу ў камунікацыях у рэале. Таму тут рэцэпт вельмі просты, каб закрыць прабел “няведання” і “тэхналагічнага страху”, трэба ладзіць вікі-мерапрыемствы і распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што Вікіпедыя - гэта вынік працы людзей саміх для сабе, які свабодна распаўсюджвае веды і пашырае камунікацыі.
- Вікіпедыя - гэта суполка людзей, дзе людзі падтрымліваюць адзін аднаго, таму, каб пераадолець моўны бар’ер (сціпласць, няўпэўненасць і падобныя фобіі) - трэба пачаць пісаць артыкулы і задаваць пытанні. Механізмы калектыўнай супрацы і пастаяннай камунікацыі вельмі моцна спрыяюць засвойванню практыкі мовы.
- Неабходна распрацаваць матывацыйны спіс: як Вікіпедыя можа дапамагаць людзям і чаму варта ў яе ўкладаць час, веды, сілы, грошы. Актыўна ўключаць гэты спіс у камунікацыі ў рэале.
- Публіка хоча ведаць пра свае з’явы, асоб, падзеі, геаграфічныя аб’екты, таму фокус розных сацыяльных мерапрыемстваў (конкурсаў, тэматычных месяцаў, спрынтаў) можа быць менавіта на мясцовым полі.
Падрабязны аналіз можна знайсці ў гугл доку.
Фаланстэр дзякуе ўсім суполкам і медыя, якія падтрымалі распаўсюд інфармацыі пра ВікіАпытанку, і прапануе далейшую супрацу:
Адукацыя Інфо, Асамблея НДА, Новая Еўропа, Ля Мора, Студ.партал 17-11, Наша Ніва, Фіальта, прафбюро гіст. фака БДУ, Пра Віцебск, Клічнік Інфо, Мінская Урбаністычная Платформа, Мова Нанова, Дом Фішэра, Вікіпедыя ў фэйсбуку, Гарадзенскі партал “Твой стыль”.
Калі ваша суполка таксама распаўсюджвала навіну, а мы яе не адзначылі - напішыце нам, і мы выправім гэта.
Хто не паспеў узяць удзел у апытанні, можа зрабіць гэта зараз. Мы працягваем збіраць кантакты людзей, зацікаўленых у супрацы.
*Існуюць два беларускія раздзелы Вікіпедыі (тарашкевіцкі і афіцыйнага правапісу)