"contra spem"

«А Вікіпедыя – гэта легальна?», ці Як «Фаланстэр» адзначыў Дзень ведаў

чцв, 09/03/2015 - 00:45

У аўторак, 1 верасня, утульная кіназала Музея гісторыі беларускага кіно змясціла ў сваіх сценах не толькі ўсіх неабыякавых да лёсу беларускай Вікіпедыі, але і тых, хто хацеў адмыслова адзначыць Дзень ведаў і даведацца пра тое, як гэтыя веды ствараць самастойна.

«Вікіфікацыя ў Дзень ведаў» – менавіта так называлася яшчэ адна імпрэза, арганізаваная «Фаланстэрам» у межах праекту «Вікіфікацыя». Разлічваючы на разнароднасць аўдыторыі, адзін з каардынатараў праекту, Міхась Волчак, напачатку крыху распавёў увогуле пра праект, яго кароткую гісторыю, прынцыпы, сутнасць і, уласна, пра тое, чым вынікі працы валанцёраў і аматараў беларускай Вікіпедыі будуць карысныя грамадству: ад студэнтаў да піяршчыкаў, ад журналістаў да перакладчыкаў.

Пасля імправізаванага 20-хвіліннага лікбезу, з якога можна было даведацца, напрыклад, што Вікіпедыя – толькі вяршыня айсберга і веды насамрэч прадстаўлены ў шырокай лінейцы сэрвісаў wikimedia.org, паводле плану мерапрыемства ішла дыскусія ад Светы Ермаковіч з адказамі на пытанні аўдыторыі.

Нягледзячы на тое, што пачаць заўсёды няпроста, знайшлася агульная нітка гутаркі, за якую чапляліся думкі прысутных. Падчас дыскусіі выявілася, што вікіпедысты розных краін па-рознаму інтэрпрэтуюць гістарычныя факты на карысць нацыянальных інтарэсаў, што ёсць магчымасць ажыццяўляць піяр праз Вікіпедыю. (Асобны дзякуй няіснай у прыродзе стыпендыі імя Петруся Броўкі, апісанай на старонках Вікіпедыі.)

Пасля невялічкага перапынку на гарбату і разбор каляровых тэматычных налепак ад «Фаланстэра» Міхась перадаў эстафету Ліне Мядзведзевай з супольнасці Kinaklub.org, якая дастаткова падрабязна распавяла пра тое, як стварыць артыкул у Вікіпедыі «з нуля».

На прыкладзе старонкі пра фільм з даволі «пазітыўнай» назвай «Цераз могілкі» Ліна прадэманстравала, што няма ніякіх асаблівых таямніц і сакрэтных пароляў, даступных толькі прасунутым карыстальнікам. Нічога не перашкаджае зацікаўленым ствараць уласныя крыніцы ведаў.

Дарэчы, стаць так званым «прасунутым» паспрыяе «Дапаможнік Вікіпедыста» – галоўная мэта «Вікіфікацыі» на сёння і галоўны падарунак грамадству ад грамадства  удзел у краўдфандынгавай кампаніі.

Гэтак, без усялякага чараўніцтва і звышнатуральных ведаў спажывец ператвараецца ў стваральніка з асабістай вікі-кармай, маленькая ініцыятыва якога перастае быць маленькай, калі яго артыкул робіць кагосьці разумным і дасведчаным.

Каб і ў вашым календары кожны дзень быў Днём ведаў!

Тэкст: Ганна Лаўніковіч
Фота: Святлана Ермаковіч

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.